Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты"
Описание и краткое содержание "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты" читать бесплатно онлайн.
Зрэшты, час няўмольны, і – адныя цагляныя сьцены ды коміны застануцца тут праз пятнаццаць гадоў. Зрубы асунуцца ўніз, згніюць, сатлеюць без догляду, маладыя дрэўцы цесна абступяць былыя котлішчы і толькі цэгла з-за іх чырванее, як кроў, толькі крэйда бялее, як бінты на месцы ранаў нядаўняга селішча. Па асфальтаванай дарозе, аброслай кустоўем і ладнымі дрэўцамі акацыі, можна заехаць ці зайсьці глыбока ў памерлую вёску, а зьвярнуць на неасфальтаваны завулак, па якім хадзілі некалі людзі, на якім гуляла ў пяску дзятва, ужо нельга – няма яго...
8a.
Справядлівасьць і праўда, гонар і сумленьне – для Стаха былі ня проста словамі, а сэнсам жыцьця. І пакуль ён быў малым, пакуль ён жыў у вёсачцы, яму ўдавалася ня толькі самому ня здраджваць гэтым прынцыпам, але і патрабаваць таго ад іншых. Дарослыя “падыгрывалі” яму, і да пары да часу ён ня бачыў, ня ўмеў бачыць падману, хітрасьці, хцівасьці, здрады. Ён верыў усім. І толькі пазьней пачаў разумець сваю наіўнасьць, сваю піянерска-камсамольскую шчырасьць, што не падобны гэтым да іншых, і што яму цяжка будзе жыць правільна ў гэтым няправільным сьвеце.
Першае расчараваньне, першы падман, зразуметы Стахам – запомніўся. Дзядзька Віця паабяцаў, што возьме яго на рыбалку. Ён сам напрасіўся, і дзядзька сказаў: “Ідзі пасьпі, а я цябе раненька разбуджу”. Стах паверыў і заснуў. А прачнуўся, калі ўжо ўзыйшло сонца. Зразумеў, што яго пад-ма-ну-лі і заплакаў.
Але гэта быў яшчэ не падман, хоць Стах моцна перажываў. Падманы і здрады былі потым, наперадзе. Сяброў і... жанчын... – тых, ад каго гэтага не чакаеш...
Тым ранкам, пасьля той ночы пацалункаў, Стах так і не заснуў. Праваляўся ў ложку колькі гадзінаў з неспакойным сэрцам, з вобразам Іркі ў вачах: змружыш павекі – і вось яна, тут... Прагныя вусны, трапяткое цела... Хіба ж засьнеш?..
Падняўся, паеў, у хату зайшла маці:
— Гуляеш цэлымі днямі, — прабубніла яна, ён прамаўчаў, бы вінаваты, хоць гэта была няпраўда, — а кралям есьці няма чаго: ні травінкі. Клеткі грызуць...
Стах узяў серп, мех, сеў на ровар і паехаў у калгасны сад. Там пад яблынямі і грушамі расла высокая, сакавітая, ядрана-зялёная дзікая трава, якую вельмі любілі трусы. Жаць сярпом яе не забаранялася – вартаўнік за гэта не ганяў. Стах ад’ехаў ад дарогі метраў сто, выбраў месьцейка з нявытаптанаю травою, прысеў і пачаў нясьпешна жаць...
Заставалася толькі сабраць у мех купкі зжатае травы, калі па дарозе, што вяла праз сад, прапыліў калгасны “газік”. Аб’ехаў вакол і спыніўся з другога боку, якраз насупраць Стаха. З “газіка” вылез вясёлы, узрушаны парторг. Стах хоць і ведаў, што траву не крадзе, стаіўся, прылёг за бугарком, схаваўся. Парторг, дарэчы, дужа непрыгожы мужчына – бываюць жа такія! – да таго ж з пакалечаным, прыжмураным крыху вокам і ад таго перакошаным на гэты бок тварам: нібы скамечаным, і крывым носам – Квазімода! – Стах гэтую брыдкасьць парторгаву міжволі зноў сабе адзначыў, пакуль той борздзенька аббягаў “газік” сьпераду. Аббег, расчыніў дзьверы, і з машыны выйшла... Ірка. Парторг артыстычна падагнуў адну нагу, адставіў другую, падаў ёй руку як пані ў кіно, яна засьмяялася, гарэзьліва прыхінулася плечуком да ягоных грудзей...
Далейшае Стах памятае, як скрозь сон. Парторг з Іркай прайшлі ў ягоны бок і спыніліся на паўдарозе пад раскідзістай яблыняй. Парторг дастаў з адной кішэні пінжака пляшку гарэлкі, з другой — нейкую закусь: плаўлены сырок, печыва, цукеркі... і кінуў пінжак пад ногі, на траву. Выглядала гэта гідкавата: ежа з кішэняў... Ірка села на пінжак. Войкнула, і з рогатам дастала з пад сябе зялёны яблык, шпурлянула яго ў бок Стаха. Парторг зубамі адкаркаваў пляшку, і яны выпілі. З горла. Ірка першая. Смачна-смачна (!!!) пацалаваліся. Парторг выцер сьлінявыя губы і зноў падцягнуў да сябе Ірку.
Былі яшчэ нейкія жарты і сьмех, як прэлюдыя, разбаўленыя дапіваньнем гарэлкі, — а потым парторг паваліў Ірку на траву, ус-ка-рас-каў-ся на яе, шкрабаючы тоўстымі пальцамі па плячах, грудзях, сьцёгнах... А затым... яны качаліся па траве пад яблыняй з віскам і стогнамі, і то парторг быў наверсе, то Ірка... Стах успомніў нядаўнюю ноч, і яго ледзь не званітавала...
Аслупянелы, анямелы, асьлеплены, ён даляжаў у траве да самага канца – ажно пакуль яны, рагочучы, ня селі ў “газік” і не паехалі. У ягоных вачах назаўсёды застаўся рух Іркі: двума рукамі яна абцягвае – пасьля таго! – кароткую сваю сукенку: двума рукамі дзелавіта тузае ўніз-уніз, а зьмятая сукенка ня слухаецца...
Стах сабраў падвялую траву – мех быў ня поўны, не хапіла нейкай жмені. Ён ухапіў рукою пук травы, разануў сярпом з усяе сілы і – мізінец, самы згіб яго на костачцы, быў развалены сярпом да касьці. Імгненьне бялела мяса, косьць, а затым пырснула гарачая, чырвона-чорная кроў. Стах заціснуў палец рукою і заплакаў.
Сьлёзы ліліся ручаём. Не ад болю. Ад крыўды. І не было цяпер нікога побач з ім, хто б супакоіў яго, растлумачыў, што нічога ня здарылася, што гэта ніякая ня здрада, што гэта і ёсьць жыцьцё...
8б.
Толькі ніякіх сумненьняў, ніякіх ваганьняў. Досыць... До... До... До...
Ірына чакала яго вясёлымі вачыма. Пэўна, і ў яе быў час падумаць. І сапраўды – калі адкінуць усе ягоныя прыдумкі: якая яна прыгожая! Асабліва цяпер, у паўцемры. Як гараць яе вочы, блішчаць пажадай...
Стаху захацелася іх запомніць, сфатаграфаць, каб потым намаляваць... Ён усьміхнуўся ў адказ – аднымі вуснамі: лёгка, прыязна, супакаяльна...
Аўтобус крануўся.
Толькі ня трэба словаў... Ня трэба словаў!
...Маленькая рука пацягнулася да маланкі на Стахавых джынсах, гузік расшпіліўся сам...
8в.
Сьмерць хацела ажаніць Стаха на сабе. Але да таго – даць адпакутаваць неспазнаньнем жанчыны. Каб стаць першай.
З маленства ён адчуваў, што лёс рыхтуе яго да адзіноты. І як мог супраціўляўся таму. Сьмерць не ўлічыла гэта. Яна і падумаць не магла, што ў ягоным кволым цельцы пасяліўся такі моцны дух. Трэба было не даваць яму шанец, не пакідаць яго жыць, а забраць сабе яшчэ тады, калі трое сутак ён ляжаў у коме з пераламанымі нагамі і скабамі пасьля таго, як Сёмка-Гец сьпіхнуў яго ўніз з дзевяціметровай вышыні той самай вышкі. Але яму споўнілася ўсяго дзесяць, і ёй закарцела трохі падрасьціць яго...
А потым яна са сьмехам заўважыла, як хапаецца ён за сваё жыцьцё, не ўсьведамляючы, што ягонае зямное існаваньне можна назваць хіба суцэльнай пакутай, а шчасьце ўяўным і прыдуманым. І яна вырашыла правучыць яго, пазьдзеквацца хоць тым, што патрымаць як даўжэй у гэтым балючым цельцы. Яна думала – Стах паразумнее, убачыць, што апроч болю і пакутаў нічога ня мае. І сам папросіцца да яе: закіне вяроўку за крук над люстрай і павісьне, будзе боўтаць нагамі ў паветры і ўмольваць яе забраць яго. Аднак ішоў час, а ён усё чапляўся і чапляўся за жыцьцё, сталеў, старэў, і да яе не сьпяшаў. Больш за тое, адвучыўся на мастака, потым ажаніўся на звычайнай зямной жанчыне і... ягонае семя дало ўзыходы...
І тады яна зразумела, што падманулася, пралічылася, што ён перахітрыў яе, і ноччу, у сьне, прыйшла да яго, але не бабуляй з касою, як малююць кепскія мастакі, а гожаю жанчынаю, якую тыя ж мастакі могуць назваць Музаю.
І тады Стах усьвядоміў, што жыве ня так, ня дзеля той мэты, з якою прыйшоў на Зямлю, што пралічыўся. Ён цярпеў пакуты, ён супраціўляўся сьмерці, а яна – перахітрыла яго, падкінуўшы спакусу ў выглядзе каханьня, у вобразе зямных жанчынаў... Ён супраціўляўся адзіноце, але ці варта было рабіць гэта толькі дзеля аднаго: працягу жыцьця, працягу радаводу? Бо...
Бо... платай за гэта можа стаць ягоная творчая нікчэмнасьць і незапатрабаванасьць. Бо ён раптам сярод ночы ўсьвядоміў, што жыве дарэмна, што Геніем яму ня быць... Бо геній – гэта пустацьвет. Геній – гэта найпрыгожая кветка, якая ярка цьвіце, аднак не дае пладоў. Геній – засохлая галіна на дрэве радаводу. Геній не дае працягу: ён – вянец.
Інакш ён ня геній.
“А Талстой!” – хапануўся Стах за саламіну. “А хто сказаў, што Талстой – геній...”, – супакоіла яго сьмерць-муза.
“У мяне ж дачка, у мяне ж няма сына, няма працягу...” – у адчаі крыкнуў ён. “Тым горш для цябе...” – адказала сьмерць і зьнікла.
Стах прачнуўся. Побач спала жонка – усё ягонае багацьце, увесь ягоны набытак... А яшчэ ў яго ёсьць праца – любімая праца, ёсьць карціны. Карціны... Каму патрэбная ягоная мазьня...
У яго быў шанец, а ён змарнаваў яго. Ён хацеў быць як усе, і стаў такім: растварыўся між іншых.
Але ж – ён баяўся адзіноты і перамог яе. Ён дабіўся свайго: зьмяніў лёс. А хіба гэтага мала, хіба кожнаму гэта дадзена?
“Умеюць людзі прыдумваць сабе апраўданьні”, – сьмерць глядзела на Стаха – маленькага і роспачнага, агаломшанага пасярод ложку і ночы, і ёй было шкада яго. Толькі цяпер яна зразумела, што прагадала, пакінуўшы яго, але парадавалася, што не памылілася ў ім. Толькі цяпер яна ўсьвядоміла, якое значэньне ён надаваў свайму начному маляваньню, і ўсьміхнулася: яна дабілася свайго – ён так і застаўся адзінокім. Нічыім тут, чужым усім. І гэтай жанчыне побач, і той дзяўчынцы ў суседнім пакоі, і тым людзям, што за сьценамі дому, у майстэрнях, на выставах, у часопісах... Ён яшчэ зразумее гэта. Жахнецца... І аддасца ёй…
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты"
Книги похожие на "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Барыс Пятровіч - Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты"
Отзывы читателей о книге "Экспрэс, альбо Няспраўджанасьць адзіноты", комментарии и мнения людей о произведении.