Макс Шчур - Упырхлікі
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Упырхлікі"
Описание и краткое содержание "Упырхлікі" читать бесплатно онлайн.
Назаўтра на сквот прыехала яшчэ адна група прафэсійных экспрапрыятараў, гэтым разам ці то з Данецку, ці то з Днепрапятроўску — тут і пачаліся ўсякія праблемы. У адрозьненьне ад нас, нашыя ўкраінскія браты лічылі, што тыбзьдзіць па супэрмаркетах усяго толькі ежу немэтазгодна, бо гэта не наносіць капіталістычнаму ладу ніякай адчувальнай шкоды — таму самі арыентаваліся перадусім на электратэхніку, фірмовую вопратку й іншыя неядомыя вырабы, якія потым можна будзе добра прадаць на радзіме, дзе ўсё яшчэ, паводле іхных зьвестак, працягваўся галадамор. Я рэзка запратэставаў супраць такога мэркантыльнага падыходу, тым часам як Даша з Габрусём (во дзе ўжо здраднікі) яго падтрымалі. Адным словам, мяне як недальнабачнага аматара з групы захопу непрадуктовых аб’ектаў выключылі — а я й не асабліва ў яе рваўся, бо мая ўцякацкая паперка была мне, шчыра скажу, даражэйшая за змаганьне з капіталізмам. Першы ж рэйд новастворанай інтэрбрыгады прынёс вынікі для мяне неўявенныя: народныя ўмельцы прыцягнулі з сабою музычны цэнтар, турыстычную палатку, некалькі джынсавых касьцюмаў, ня лічачы дробязяў кшталту парфумы „Крыстыян Дыёр“ — пра такое мясцовыя чэскія злодзеі мабільных тэлефонаў у трамваях маглі толькі сьніць. Я з зайдрасьцю назіраў за тым, як мае анархісцкія супляменьнікі багацеюць і як Даша праводзіць усё болей часу не са мною, баязьліўцам і адшчапенцам, а з на ўсё гатовым Габрусём, у якога нешта кшталту інстынкту самазахаваньня цалкам адсутнічала — ён меў толькі інстынкт размножаньня. Сам Габрусь вельмі ганарыўся сваёй новаю роляй шухерніка, зрабіў сабе на грудзях татуіроўку „Не забуду маці родную“ (натуральна, у беларускай лацініцы) і пачаў лічыць, што яму наагул усё можна. „Прыкіньце“, кажа, „вяртаюся я ўначы са сьвяткаваньня Дня беларускай вайсковай славы... “ (Культурныя сувязі з дыяспарай Габрусь і надалей падтрымліваў, ня тое што я.) „А это что за день?“, — пытаецца Даша — „Здаецца, аўторак — ды няважна, я не пра тое... Дык вось, стаю я на аўтобусным прыпынку — а мяне ну такая ўжо смага мучае... Бачу, у вітрыне крамы сок — і так мне яго захацелася, не паверыце... А крама ж зачыненая, бо ноч... Ну, я ня вытрымаў — і хуяк па шкле нагою! Тут сыгналізацыя як зараве на ўвесь горад! Я за той сок — і лататы, як вы мяне й навучылі!“ Габрусь замоўк, а я заўважыў, што Даша пазірае на яго зь нейкім ажно некрытычным захапленьнем. „I што далей?“, — пытаюся. — „Усё?“ „Ну так, усё“, — зьдзівіўся Габрусь. — „Я вам проста падзякаваць хацеў, што вы мяне пазбавілі комплексаў — фактычна, жыцьцё ўратавалі. А то б я ад смагі, мабыць, памёр“.
А яшчэ празь некалькі дзён Габрусь проста агаломшыў мяне навіною: „Андрусь, дружа! Каханьне ёсьць! Я сустрэў дзяўчо сваіх мараў!“ „Што, зноў тую бляндынку з пэрформансу?“ „Ды не, зусім іншую! Яна й чалавек залаты, і, як бы гэта табе сказаць па-навуковаму... адсасаць здораўска ўмее!“ „Ага, віншую. А я яе ведаю?“ „Ну канечне ведаеш! Гэта ж Даша!“ У мяне не было словаў. У Габруся, які й насамрэч, выглядала, пазбавіўся комплексаў, я лепей больш ні пра што не пытаўся, а пайшоў па тлумачэньні да Дашы (у мяне яшчэ заставаўся патаемны спадзеў, што Габрусь, хоць звычайна й быў да вар’яцтва шчыры, на гэты раз прыдумляе). Дашына тлумачэньне гучала ў тым сэнсе, што яна мне ня мэбля й не тавар, каб я прад’яўляў на яе нейкія патрыярхальныя правы, што нашыя характары ў сапраўднасьці несумяшчальныя гэтак жа, як анархізм з манагаміяй, і што ў іх з Габрусём каханьне зь першага погляду. Пасьля гэтай гісторыі я ледзь не вярнуўся ў лягер, але мяне ўгаварылі застацца. Скончылася ўсё толькі тым, што мы з Габрусём ува ўсіх сэнсах памяняліся месцамі: ён перасяліўся да Дашы нагару, а я вярнуўся пад зямлю ў пашыраны (ці хутчэй падніжаны) у выніку раскопак халасьцяцкі пакой, дзе мне бязь іх нейкі час было спакойна і ўтульна, асабліва пад травой. У маёй ідыліі мне заміналі толькі гучныя Дашыны крыкі.
Аднак і іхны мядовы месяц цягнуўся нядоўга. Пасьля таго як украінскія анархісты зьехалі з усім сваім набыткам дамоў на новаскрадзенай машыне, нашая шчасная парачка надумалася паўтарыць іхныя подзьвігі самастойна. Гэтым разам на шухеры нікога не стаяла, бо Габрусь палез у жаночы аддзел выбіраць для Дашы новыя станікі й майткі, дзе й быў злоўлены за гарачую руку. Амаль сынхронна зь ім на крадзяжы мікрахвалёўкі (вось да якіх дэталяў яны з Габрусём плянавалі сумесную будучыню) трапілася й Даша. Ахова супэрмаркету выклікала паліцыю, тая склала пратакол, надзела абаім змагарам з капіталізмам кайданкі й адвезла ў пастарунак, дзе Габрусь да самай раніцы адбываў свой адзіны ў жыцьці тэрмін „за ідэю“ (ідыёцкая, мушу сказаць, была ідэя — лезьці ў кабінку прымяраць жаночую бялізну). На наступны дзень, даведаўшыся, што іх зьбіраюцца яшчэ й судзіць, Габрусь тут жа папрасіў у Чэхіі палітычнага прытулку, а ўжо празь некалькі дзён урачыста вярнуўся зь лягеру з новымі, часовымі ўцякацкімі дакумэнтамі — такімі ж, як у мяне. Тым часам бедную Дашу суд пастанавіў дэпартаваць назад у Расею, дзе яна была неўзабаве арыштаваная за спробу замаху на нейкага генэрал-губэрнатара, пасьля чаго ейны сьлед растаў у нетрах роднай Сыбіры. Зьвестку пра гэта нам неўзабаве прынёс адзін з чэскіх сквотэраў, які за кампанію з Дашай выдаўся ў Расею й быў за гэта затрыманы: на шчасьце, у ваколіцах турмы гастраляваў чэскі цырк, дырэктару якога перадалі з камэры „маляву“, і цыркачы ўрэшце дамагліся суайчыньнікава вызваленьня. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, за праўдзівасьць каторай я, на жаль, ручацца не магу, бо асабіста пры гэтым ня быў. Дадам толькі, што Габрусь, у адрозьненьне ад мяне, на момант вяртаньня сквотэра пасьпеў пра нашую Дашу ўжо цалкам забыцца.
6.
Панта рэі.
Геракліт
Яшчэ тыдні два нашыя з Габрусём адносіны былі досыць напружаныя й абмяжоўваліся ранішнімі й вечаровымі вітаньнямі, але гэта была хутчэй такая паказуха для чэхаў, бо меркавалася, што на сквоце ўсе мусілі быць добрымі таварышамі ды жыць у згодзе й любові, без усякіх прыватнаўласьніцкіх бзікаў. Цяпер мы зь ім бадзяліся па горадзе паасобку, а сустрэўшыся выпадкова на вуліцы рабілі выгляд, што адзін аднаго не пазнаем. Я нават паспрабаваў завесьці сабе якога-небудзь новага сябра, што з маім выглядам і вымаўленьнем было зусім ня проста, асабліва сярод такой недаверлівай да чужынцаў нацыі, як чэская. Толькі аднойчы мне ўдалося за пазыку ў сто крон (да заўтра) зьблізіцца ў бары з адным былым чэскім вязьнем, цалкам звычайным, а не палітычным, што сядзеў у тым ліку й непадалёк ад нашага лягеру ў мясьцінах, якія паводле іроніі лёсу называюцца „Чэскі рай“. Але вязень аказаўся яшчэ горшай парцянкай за Габруся, бо калі я назаўтра папрасіў яго вярнуць мне маю сотку, ён напырскаў мне ў вочы балёнчыкам і ўцёк. І гэтак са мною абыходзіліся на кожным кроку, увесь час спрабуючы падмануць: перадусім недаліць піва й недадаць грошай. Апроч беларусаў, са старых знаёмцаў мне колькі разоў шанцавала (калі так можна сказаць) сустракаць у горадзе толькі лягернікаў — аднаго мусульманіна, што цішком папіваў забаронены яму алькаголь, таго рэпера зь Нігерыі, што выгульваў па Карлавым мосьце нейкую тлустую бляндынку, а пад канец і славака Пэтэра, што заехаў у Прагу са мной разьвітацца: ягоны зламысны ёг ува ўзросьце ста пяцідзесяці гадоў урэшце памёр, таму Пэтэр мог цяпер спакойна вярнуцца дадому й стаць зь індуіста індзейцам, пра што марыў яшчэ зь дзяцінства. Напасьледак Пэтэр яшчэ распавёў мне пра лягерныя навіны: у маю адсутнасьць Гаване ўдалося-такі зьехаць да маці ў Джармэнію, Дыназаўр выйшаў замуж за нейкага казачна багатага карузьліка з Ірляндыі, латыш ні з пушчы ні з поля атрымаў палітычны прытулак, армяніна, які аказаўся стукачом, перавялі ў іншы лягер, дзе ён стаў працаваць кухарам у сталоўцы, а малдаванін, што называецца, згарэў на рабоце — быў застрэлены на нейкай дыскатэцы калегамі па бізнэсе. Што стала з Рамэо й Джульетай ды унтэр-афіцэрскай удавой, Пэтэр ня ведаў, але й яны кудысьці зь лягеру зьніклі. Гэтак я ўсьвядоміў, што з надыходам восені сяброў у мяне ў Чэхіі больш не засталося і што мне няма болей сэнсу вяртацца ня толькі ў Беларусь, але нават у лягер, бо за той час яго ўжо запоўнілі зусім іншыя, чужыя мне людзі. „Не сумуй, Платонаў“, — падбадзёрыў мяне Пэтэр, — „калі будзе зусім пагана — прыяжджай да нас у Славаччыну, у нас там таксама ўцякацкія лягеры ёсьць“. Я падзякаваў яму за такія гасьцінныя запросіны, але сам, вядома ж, нікуды рыпацца не зьбіраўся, пагатоў ува ўсходнім кірунку.
7.
Падзяляй і ўладар.
Нехта славуты
Пры канцы верасьня, адразу ж пасьля таго, як сквотэры папрасілі Габруся ўрэшце вызваліць Дашына месца для дэлегацыі сваіх аргентынскіх калегаў, мой шчасьлівы супернік зноў пачаў прасіцца ў нашую былую каморку. Пры гэтым ён кленчыў, біў сябе ў татуяваныя грудзі й кляўся сваімі дзецьмі, што ня памятае, каб калі-небудзь у жыцьці зрабіў мне нешта благое. Бачачы такое, я ня мог зь яго ня зьлітавацца й не дараваць — гэтак мы з Габрусём зноў зажылі пад зямлёю, як той казаў, душа ў душу й дупа ў дупу.
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Упырхлікі"
Книги похожие на "Упырхлікі" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "Макс Шчур - Упырхлікі"
Отзывы читателей о книге "Упырхлікі", комментарии и мнения людей о произведении.