К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)
Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Описание книги "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)"
Описание и краткое содержание "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)" читать бесплатно онлайн.
- Вось гэта дык мне падабаецца, - дапамог Сымон. - Згода, хлопцы?
- Абсалютна ясна, што будзем трымацца.
- Слухайце, яшчэ хвiлiну ўвагi! - прасiў Дзежка. - Я вам цяпер апавядаў, як мы цягалi й закопвалi нямецкiя й амэрыканскiя трупы. Вось i заўважце: нас ужо ворагi на працягу стагодзьдзяў стараюцца задушыць i закапаць, а мы ўсё яшчэ жывём, наша Бацькаўшчына церпiць i змагаецца. Вось давайце й пастановiм зрабiць усё ў нашых сiлах, каб не сталася так, каб перад канцом вайны нехта нам паховiны спраўляў. Выжыць i ўтрымацца ў групе - гэта самае галоўнае. А пасьля прыйдзе яшчэ наша змаганьне.
- Але-ж ты й маладзец! Ёмка, брат, сказаў. Вiдаць, што ты пры трупах часу не трацiў, а цэлы час аднекуль чэрпаў мудрасьць. Дык вось, братка, прыйдзецца мне паставiць табе не чарку, а цэлую пляшку! - жартаваў Сымон.
- Сьмех набок, а Канстантын Дзежка - маладзец. Разумна гаворыць. Варта так рабiць, як некалi нехта сказаў: кроў за Бацькаўшчыну пралiваць трэба, адно не сваю, а чужую.
Калi-б хто, ня ведаючы, аб чым iшла гутарка ў малой групе, прыглядаўся ёй зводдаль, то мо й зьдзiвiўся-б, што ўсе, паўставаўшы й голасна гаворачы, трэслi ўверх кулакамi, быццам некаму пагражаючы, пачалi сьцiскаць адзiн другому рукi й пасьля, ужо зусiм супакоiўшыся й закурыўшы, памалу паплялiся ў кiрунку шэрых жаўнерскiх палатак.
СКРЫГОТЫ I ЎЗДРЫГI
I
У вялiкай канцылярыi базы сёмай дывiзii ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнiкi, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пiсары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвiдэнцыю - пэрсанальныя гiсторыi рэкрутаў. У невялiкiм шэрым сшытку жаўнер А цi Б мае запiсанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыi й шмат iншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткi, званыя эвiдэнцыйнымi, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А цi Б, водгукi афiцэраў, поступы па вайсковай лесьвiцы, удзелы ў баях, мэдалi й iншае.
Перад самым крайнiм сталом канцылярыi ад раньня стаiць чарга. Рэгiструюцца найнавейшыя "ахвотнiкi" другога корпусу - тыя, што трапiлi сюды з-пад сьцяга свастыкi. Адзiн капрал, не сьпяшаючыся, выпаўняе фармуляры, другi выпiсвае вайсковыя кнiжкi. Iдуць пытаньнi й адказы.
- Ваша iмя й прозьвiшча?
- Спарыш Сымон.
Пасьля йдзе месца й дата нараджэньня.
- Веравызнаньне?
- Праваслаўны.
Капралава пяро асьцярожненька крутлымi прыгожымi лiтаркамi запiсвае адказы. Сымон сочыцць за ягоным кончыкам. Калi яно пад рубрыкай "нацыянальнасьць" пачынае "п", "а" i ўжо пераходзiць да "л", з вуснаў юнака зрываюцца словы:
- Хвiлiнку, пане капрал!
- Што такое?
Пяро адрываецца ад недакончанага "пал" i павiсае ў паветры.
- Я па нацыянальнасьцi беларус, а не паляк.
Твар капрала выражае зьдзiўленьне. Глядзiць на Сымона, быццам на вар'ята, i, нарэшце, зьвяртаецца да лейтананта, загадчыка секцыi:
- Пане лейтанант.
- Слухаю вас.
- Можна да пана з пытаньнем?
- Калi ласка.
Капрал падыходзiць да афiцэра з фармулярам у руцэ ды кладзе на стале перад носам.
- Гэты рэкрут кажа, што ён не паляк, а беларус. Як маю пiсаць?
Афiцэр адказвае не адразу. Перш глядзiць на фармуляр, пасьля акiдвае зрокам Сымона.
- Праваслаўны? Гм... - мармыча пад носам. - Запiшыце яго беларусам.
Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае "пал" i выводзiць слова, да напiсаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай i пазiрае на сяброў, што стаяць за iм. "Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьцi - i ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запiсацца палякамi", - гаворыць ягоны зрок.
- Наступны! - загадвае капрал. - Як прозьвiшча?
- Жалудовiч.
- Жолондовiч?
- Не Жолондовiч, а Жалудовiч.
- Па-польску будзе Жолондовiч, - нецярплiвiцца капрал.
- Я-ж не казаў, што хачу зьмянiць прозвiшча.
- То ня зьмена. Вы былi раней Жалудовiчам, а цяпер будзеце Жолондовiч! гаворыць капрал з нацiскам, якi не пакiдае нiякiх сумлеваў, што пытаньне вырашана.
Жалудовiч, заклапочаны, цярэбiць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьмiхаюцца, i ня ведае, што рабiць.
Капралава пяро прыгожымi роўненькiмi чорнымi нiтачкамi напiсала пад рубрыкай "прозвiшча" Жолондовiч.
- Як iмя?
- Аляксандар.
- Веравызнаньне?
- Каталiк.
- Рыма-каталiк?
- Так.
- Нацыянальнасьць - паляк? - глядзiць капрал на Жалудовiча з усьмешкай, што быццам гаворыць "Папрабуй-жа сказаць, што не".
- Не паляк, а беларус.
- Пёрруне! - лае пiсар, злосна кiдаючы асадку аб стол. - А цо то за звежэ? Рыма-каталiк i беларус? Як то можа быць?
- Звычайна, - не трацiць раўнавагi "Жолондовiч". - Рэлiгiйная прыналежнасьць - рыма-каталiк, а нацыянальнасьць - беларус.
- Няма каталiкоў беларусаў! - злосна трымае сваё капрал. - Усе каталiкi гэта палякi.
- Так? - зь iронiяй адказвае "Жолондовiч". - Дык тады запiшыце, пане капрал, i ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.
Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.
- Пся крэў! - гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца да свайго стала, i ў эвiдэнцыйным фармуляры польскае армii родзiцца яшчэ адзiн беларус.
II
База другога польскага корпусу, званая "сёмкай" у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.
У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.
Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi "жолд". Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi "палякамi" й iншымi.
Сьвятар служыць лiтургiю па-славянску, а казаньнi гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзiць зусiм ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накiнутая сiлай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовiцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.
Мiж наведвальнiкаў праваслаўнае каплiцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафiцэра, а афiцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнiчнае сьвята 1945 года сабралася каля сямiдзесяцi чалавек. Некаторыя ўцiснулiся ў каплiцу, iншыя прыслухоўваюцца да службы блiзка ўваходу, а бальшыня стаiць групкамi воддаль. Мова ў бальшынi польская, рэдка беларуская або ўкраiнская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькi не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.
Усё гэта выдаецца нейкiм нярэальным. Сказалi-б вы, што перад вамi стаяць ценi людзей, якiя баяцца самiх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камiчна пераплятаецца з калечаньнем яе вернiкамi. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусiм не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьцi ў глыбiнi сэрца засталiся родныя парасткi, якiм дай добрую пажыву, сонца й глебу - вырастуць i зацвiтуць сваiм родным.
Зусiм зразумела, што Сымона Спарыша цiкавiць, якiя тут людзi. Дзе-ж ужо тады, калi ня тут сваiх шукаць. Ён i цяпер, паслухаўшы й пэўна ацанiўшы сьвятара, лянiва блукае мiж малымi групкамi й прыслухоўваецца. На вока трапiла тройка, якiх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымi грыбамi. Па iх рухах i павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскiя круглыя аладкi, нязграбна ляжаць на пасiвелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькi-сяляне. Капрызны лёс некалi адарваў iх ад плугоў, кiнуў на Сiбiр цi ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.
Адзiн зь iх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцiдзесяцi, выцягнуў зь кiшэнi чырвоную вайсковую кнiжку й штосьцi паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблiзiўся.
- А я падаваўся беларусам, - кажа той, трымаючы ў руках кнiжку, - але пакуль запiсалi ў кнiжку, дык палякам зрабiлi.
- Ты беларусам падаўся? - пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнiк.
- Так. I паглядзiце - тут напiсалi паляк.
Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кнiжку. Сымон пазiрае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павiнна быць паказана нацыянальнасьць маткi й бацькi паводле нараджэньня, густым чорным чарнiлам замазаныя два словы, а пад нiзом фiгуруе па-ангельску "полiш" (паляк).
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!
Похожие книги на "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)"
Книги похожие на "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Отзывы о "К Акула - Змагарныя дарогi (на белорусском языке)"
Отзывы читателей о книге "Змагарныя дарогi (на белорусском языке)", комментарии и мнения людей о произведении.