Авторские права

Макс Шчур - Упырхлікі

Здесь можно скачать бесплатно "Макс Шчур - Упырхлікі" в формате fb2, epub, txt, doc, pdf. Жанр: Прочая старинная литература, год 0101. Так же Вы можете читать книгу онлайн без регистрации и SMS на сайте LibFox.Ru (ЛибФокс) или прочесть описание и ознакомиться с отзывами.
Рейтинг:
Название:
Упырхлікі
Автор:
Издательство:
неизвестно
Год:
0101
ISBN:
нет данных
Скачать:

99Пожалуйста дождитесь своей очереди, идёт подготовка вашей ссылки для скачивания...

Скачивание начинается... Если скачивание не началось автоматически, пожалуйста нажмите на эту ссылку.

Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.

Как получить книгу?
Оплатили, но не знаете что делать дальше? Инструкция.

Описание книги "Упырхлікі"

Описание и краткое содержание "Упырхлікі" читать бесплатно онлайн.








Між тым ува ўнівэрсытэце маё становішча пагаршалася: каб заняць чымсьці хлапцоў майго веку, для іх стварылі вайсковую катэдру. На першай жа шыхтоўцы палкоўнік Кастамалоцкі, зьмераўшы поглядам даўжыню маіх валасоў, сказаў, што ў мяне невайсковае мысьленьне, таму такім, як я, дарога адразу ў войска (у гэтай фразе ён, як той яшчэ підагог, тут жа й падаў наглядны прыклад вайсковага мысьленьня). Маўляў, навошта я хачу быць афіцэрам? Я такі — ну, хачу памерці за Радзіму (Не, ну праўда, раз нашая Радзіма цяпер — Беларусь). А ён: Радзіме патрэбныя шарагоўцы! Тады я, абы толькі ня быць шарагоўцам, якім у нашым войску яшчэ да пачатку баёў пагражае верная сьмерць, папрасіўся адразу ў камікадзэ — на што палкоўнік Кастамалоцкі параіў мне сьпярша пастрыгчыся, а тады, маўляў, і пагаворым. Больш мяне на вайсковай катэдры ня бачылі: анархісцкі гонар не дазволіў мне разьвітацца з маім хаерам.

Замест вайсковай катэдры я запісаўся ў танцавальны ўнівэрсытэцкі ансамбаль „Дзедканданс“. Народныя касьцюмы, якія выдавалі ў ансамблі, былі нашмат прыгажэйшыя за вайсковую форму. Апрача таго, у ансамблі ня трэба было стрыгчы валасы, а толькі пазногці на нагах, каб тыя ўлязалі ў боты, ну і да ўсяго ансамбаль меў права, у адрозьненьне ад вайсковай катэдры, выяжджаць раз на год за мяжу на міжнародныя агледзіны, а гэта акурат супадала з маімі плянамі. А пляны мае былі такія: яшчэ да таго, як мяне канчаткова вытураць з унівэру, пасьпець пабачыць сьвет і навучыцца як сьлед прынамсі аднаму народнаму танцу. Што я ў душы народны танцор, я зразумеў пасьля таго, як мяне затрымалі на менскім вакзале, дзе я ў падпітым стане (ну сябра праводзіў, што тут такога) дэманстраваў напалоханым людзям нейкія старажытныя антраша. Гэта палічылі нацыяналістычнай агітацыяй і зноў упаялі мне суткі. Тут я ўжо ня вытрымаў і пасьля адсідкі пайшоў проста ў Хельсінскі камітэт: прадставіўся чальцом групоўкі „Чорны Недадзел“ і заявіў, што мяне перасьледуюць паводле нацыянальнай прыкметы (а менавіта народнага танцавальнага касьцюму, у якім я палюбіў хадзіць і па-за рэпэтыцыямі, у тым ліку на заняткі, як сапраўдны народнік). У камітэце мне выдалі Пасьведчаньне рэпрэсаванага з подпісам Зянона Пазьняка („Падацяля сяго прыгрэць, накарміць, прытуліць. Зянон.“), але на ўсякі выпадак яшчэ параілі дадаткова зьвярнуцца ў Навінкі. Навінкі — гэта была тады такая распаўсюджаная маладзёвая й малатыражная газэта, што выдавалі мае сябры-анціхрысты зь „Недадзелу“. Ну, то я ў яе зьвярнуўся і паведаміў сябрам па сакрэце, што нашая танцавальная трупа якраз зьбіраецца ў замежную гастроль, і што з гэтай нагоды мне не зашкодзіла б мець з сабою апроч пашпарту яшчэ й чорную кніжку анархіста. Гэтая кніжка й аказалася ў выніку маёй пуцёўкай у жыцьцё.

4.

Мы едзем едзем едзем у далёкія края.

Аўтар гімну Расейскай Федэрацыі

Шчыра кажучы, я не асабліва задумваўся, куды канкрэтна кіраваўся аўтобус з нашым ансамблем, — мне проста было прыемна, што я ўпершыню ў жыцьці афіцыйна еду за мяжу, і гэтым разам — бязь дзядзькі Базыля, як дарослы. Паводле вечаровага сонца, якое сьляпіла мне вочы, я вызначыў, што едзем мы ў заходнім кірунку, і гэтага мне было дастаткова. Памятаю, па дарозе я яшчэ спрабаваў падбухторыць ансамбаль захапіць аўтобус і застацца дзе-небудзь за мяжою ў поўным складзе, як ужо раней спрабавала ня менш таленавітая за нас сям’я Авечкіных — усе думалі, што я жартую, таму ніхто маёй ініцыятывы не падтрымаў, пры тым, што ў сямейных повязях між чальцамі ансамблю недахопу не было. Ну, то я й плюнуў і пачаў рыхтавацца да высадкі самастойна. Перад нашым галоўным фэстывальным выступам я незаўважна зьнік зь пераапраналкі з рэчамі (збольшага сваімі) і зьмяшаўся з глядацкім натоўпам. Ля самага выхаду я яшчэ азірнуўся на сцэну, дзе акурат у той момант паводле ўсіх законаў харэаграфіі мусіў быў сам выскачыць з-за кулісаў у якасьці саліста — шчыра скажу, без майго сольнага выступу ўвесь танец ператварыўся ў абы-што, мне ажно стала сорамна за сваіх зьбітых з рытму й з панталыку калегаў, і я пасьпяшаўся хутчэй сысьці, каб ня бачыць гэтае ганьбы. Схапіўшы першую таксоўку, я папрасіў, каб мяне адвезьлі ў паліцыю (гэтую ангельскую фразу я завучыў у аўтобусе па дарозе). Таксіст, на шчасьце, аказаўся ўкраінцам, які хоць і не зразумеў маёй фразы, але вельмі добра ведаў акалічнасьці працэдуры, якая мяне толькі чакала — ён некарысьліва прапанаваў не марнаваць часу й завезьці мяне адразу ў лягер для ўцекачоў (слова „лягер“ мне зусім не спадабалася), месца знаходжаньня якога было яму добра вядомае. Я пагадзіўся, бо ня мог ведаць, што гэта настолькі далё­ка — мы ехалі, пакуль не пайшоў дождж і не надышла ноч, а ў выніку мне давялося аддаць яму ўсю сваю валюту, з такой цяжкасьцю ашчаджаную зь дзедавай і бабцінай пэнсіі. Што ж, затое мне ўдалося зь першага разу трапіць, што называецца, па адрасе — гэтым я сябе й супакойваў. На разьвітаньне таксіст зрабіў мне яшчэ адну ласку й паведаміў, што я знаходжуся ў Чэхіі (я крыху пашкадаваў, што насуперак сваім спадзяваньням ня трапіў у Польшчу, але што ўжо зробіш, калі я ўсю яе дарогаю праспаў).

Стоячы пад дажджом, я пазваніў у жалезную браму — адчыніць мне выйшла маладая жанчына ў форме, падобнай да вайсковай, але зусім не такой, як у палкоўніка Кастамалоцкага. Як жанчына, так і яе форма адразу мне спадабаліся. Я назваў ёй нараены мне таксістам па­роль „азіл“ (я запамятаў яго як „Ліза“ наадварот) — жанчына ўздыхнула і ўпусьціла мяне пад страху сваёй хаткі, дзе я тут жа зьняў і павесіў сушыцца свой народна-танцавальны строй. Пабачыўшы гэта, жанчына залямантавала й паклікала свайго мужа, таксама ў вайсковым і ў фуражцы, які тут жа надаваў мне па шыі, згроб мае рэчы й заштурхаў мяне разам зь імі ў нешта накшталт карцэру. Нечакана для сябе я апынуўся ў досыць прасторным і цалкам пустым неасьветленым памяшканьні, накшталт нашай школьнай клясы ці дзетсадкоўскай спальні, запоўненым двух’яруснымі мэталічнымі ложкамі. Я доўга ня мог вызначыцца, каторы зь іх павінен быць мой, і ня мог уцяміць, куды падзеліся астатнія арыштанты — мабыць жа, паўцякалі. Ад іх засталіся толькі надпісы на мурах, вышкрабаныя жалезам і пазногцямі — усё рыхтык як у нас на Акрэсьціна. Чыркануўшы запалкай, я пачаў азнаямляцца з графіцямі, і ў мяне тут жа ўзьнікла адчуваньне, што я сплю й сьню ўрок геаграфіі. На мурах красавалі імёны людзей і назвы самых розных краінаў у самых розных мовах і шрыфтах сьвету, якіх я дагэтульніколі ня бачыў і ня чуў. Што да іхнага зьместу, то нават на мурах Брэсцкай крэпасьці-музэю не адлюстравалася такой багатай шкалы эмоцый. Усё гэта, разам з блізкасьцю жанчыны ў форме за сьценкай, узрушвала мяне амаль сэксуальна. Упершыню за гады ў мяне быў уласны пакой! Засынаючы на цьвёрдым сьмярдзючым матрацы, я думаў пра банальна-ўтульны гатэль, дзе цяпер сьпяць мае таварышы-танцоры, і крыху шкадаваў, што здрадзіў ім пасярод фэстывалю, а не пасьля. Мог прынамсі адскакаць свой сольны выступ. Згрызоты сумленьня доўга не давалі мне заснуць.

Прачнуўшыся раніцай, я нейкі час ня мог прыгадаць, дзе й якім чынам я апынуўся — але потым агледзеўся і ўбачыў, што побач са мною (балазе на іншым ложку) сьпіць негр. Дагэтуль я бачыў неграў жыўцом усяго толькі пару разоў у менскім інтэрнацкім жыцьці, зь бясьпечнай адлегласьці — а тут гэты мурын храпеў у мяне пад самым носам. Ня ведаю, у нас у інтэрнаце дык прынамсі былі для неграў асобныя пакоі, а на некаторых прыбіральнях было так і напісана: "Фор ўайт онлі". Гэтак я адразу зразумеў, што ў гэтай іхнай Чэхіі беламу чалавеку будзе зусім ня проста, не раўнаючы ў амэрыканскай турме.

Я выйшаў на двор нэрвова пакурыць і пераканаўся, што насамрэч знаходжуся ў лягеры: пра гэта сьведчылі высокія жалезныя платы, краты й калючы дрот. Мне зрабілася непамысна. Тым часам негр прачнуўся й прыйшоў са мною знаёміцца, праз што мне давялося паціснуць яму руку. Выявілася, што ён зь Нігерыі (ціпа я дальтонік), дзе ўжо некалькі стагодзьдзяў нібыта адбываецца нейкая вайна, а сам ён, маўляў, нейкі нефіговы палітычны змагар, аўтар некалькіх рэпавых пратэст-сонгаў, якія ў іхнай Нігерыі, паводле ягоных словаў, шалёна папулярныя. Каб не застацца ў даўгу, я таксама пахваліўся яму, што я чалавек творчы, а менавіта танцор, і нават за свае народныя танцы быў аднойчы арыштаваны. Мурын нечувана зьдзівіўся: за што ўжо за што, а каб затрымлівалі за танцы, такога ў іх у Афрыцы ўявіць сабе было немагчыма. Ен пацікавіўся, зь якой гэта я такой жудасна таталітарнай краіны, і я з гонарам адказаў, што з нашай.

5.

Занімай, Беларусь маладая мая,

свой пачэсны пасад між народамі!

Купала

Як я ў той жа дзень з жахам пераканаўся, я трапіў у тыя самыя вайсковыя казармы, якіх сваім удзелам у народным ансамблі гэтак спадзяваўся пазьбегчы. Шчасьце яшчэ, што казармы былі былыя — калісьці яны належалі савецкім акупантам, а пасьля іхнага тактычнага адступленьня былі, праз адсутнасьць лепшых ідэяў, ператвораныя ўва ўцякацкі лягер. Лягер быў насамрэч фарпостам эўрапейскай імпэрыі, мяжа якой праходзіла тады яшчэ ў трыццаці кілямэтрах на поўнач ад яго: усіх, злоўленых на той мяжы, аўтаматычна накіроўвалі сюды, каб не будаваць для іх асобных гатэляў у самой Эўропе. Пасьля дробных фармальнасьцяў, такіх як здача беларускага пашпарту й падрабязны пераказ усяго, што я паведаміў вам у папярэдніх разьдзелах, то бок майго гаротнага жыцьця на Бацькаўшчыне, ну й яшчэ пасьля праверкі на вашывасьць, СНІД ды іншыя брыдоты (якіх у мяне не было), з карантыннай клеткі, у якой я пераспаў яшчэ колькі начэй, мяне выпусьцілі ў вальер — то бок у зону адносна вольнага перамяшчэньня, абмежаваную лягерным плотам (ужо бяз дроту). На зоне стаяла некалькі аднапавярховых баракаў і адзін пяціпавярховы цагляны дом, дзе раней жылі савецкія афіцэры, а цяпер — блатныя, але ня зэкі (тыя акурат жылі ў бараках), а сямейнікі. Я інстынктыўна ламануўся да дому, бо рыхтык у такім марыў жыць ад самага пачатку да самага канца жыцьця (на вёсцы ён лічыўся б шматпавярховікам, а я так і хацеў — каб на вёсцы, толькі па-гарадзкому), аднак мяне своечасова прытрымалі й пацягнулі ў барак. Там ужо мяне не чакала нічога новага: барак быў падзелены на дзясятак-тузін пакояў, у якіх жылі па тры-чатыры чалавекі, ну проста як у нашым інтэрнаце, з той толькі сумнай розьніцай, што тут былі адны мужыкі — для самотных жанчын быў прадугледжаны асобны барак з браніраванымі дзьвярыма, які амаль увесь час пуставаў, бо самотныя жанчыны ў лягер чамусьці ня надта імкнуліся, нягледзячы на дзьверы. Выхавацелька (так афіцыйна называлася ейная пасада, хаця паводле ўзроўню штодзённай небясьпекі больш адпаведна было б параўнаць яе з дрэсіроўшчыцай) за ручку завяла мяне ў пакой і пазнаёміла зь дзецьмі, якія былі ў сярэднім гадоў на дзесяць за мяне старэйшыя: армянінам, малдаванінам і латышом. Я адразу адчуў сябе, як у Артэку, дзе дагэтуль ніколі ня быў. Вось ён, парадокс: імкнучыся ўцячы ад постсавецкага грамадзтва, я трапіў у самы што ні ёсьць яго эпіцэнтар.


На Facebook В Твиттере В Instagram В Одноклассниках Мы Вконтакте
Подписывайтесь на наши страницы в социальных сетях.
Будьте в курсе последних книжных новинок, комментируйте, обсуждайте. Мы ждём Вас!

Похожие книги на "Упырхлікі"

Книги похожие на "Упырхлікі" читать онлайн или скачать бесплатно полные версии.


Понравилась книга? Оставьте Ваш комментарий, поделитесь впечатлениями или расскажите друзьям

Все книги автора Макс Шчур

Макс Шчур - все книги автора в одном месте на сайте онлайн библиотеки LibFox.

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.

Отзывы о "Макс Шчур - Упырхлікі"

Отзывы читателей о книге "Упырхлікі", комментарии и мнения людей о произведении.

А что Вы думаете о книге? Оставьте Ваш отзыв.